А свет загадкавы, дзівосны…

06.04.2022
Тыдзень дзіцячай кнігі – унікальная падзея, бо арганізатарамі святочных мерапрыемстваў становяцца бібліятэкі. А галоўнымі дзеючымі асобамі – чытачы, пісьменнікі і іх кнігі.

Вось і ў Вілейскай раённай цэнтральнай бібліятэцы 29 сакавіка адбылася такая сустрэча: прэзентацыя кнігі “З легендаў і міфаў. Героі беларускай міфалогіі” вядомага паэта, нашага земляка Віктара Кажуры, прысвечаная міфічным істотам роднай зямлі. На сустрэчу Віктар Віктаравіч прыйшоў не адзін, а са сваімі памочнікамі – унукамі Цімафеем і Ангелінай, якія не толькі чыталі вершы з дзядулевай кнігі, але і загадвалі загадкі, расказвалі пра персанажаў беларускай міфалогіі. Прысутныя (гэта былі вучні Пачатковай школы № 6 г. Вілейкі) актыўна ўключыліся ў мерапрыемства, з задавальненнем шукалі адказы на пытанні, ахвотна расказвалі пра ўжо вядомых ім міфічных персанажаў. А дадому юныя аматары кнігі вярталіся з багатым “багажом”, бо ўжо ведалі, хто з багоў і духаў старажытнасці лагодны і вясёлы, а хто зласлівы і бурклівы; як дамовіцца з Хатнікам, каб ён не хаваў раскіданыя па хаце рэчы; чаму трэба асцерагацца Вадзяніка; у каго ўзімку захоўваюцца ключы ад зямлі.