“Народная асвета” ў Вілейскай гімназіі № 2

30.04.2021
29 красавіка Вілейскую гімназія № 2 наведалі супрацоўнікі аддзела рэалізацыі і рэкламы рэспубліканскага выдавецтва “Народная асвета”: галоўны спецыяліст Алена Вайцяхоўская і вядучы спецыяліст Ларыса Палішчук. У актавай зале гімназіі адбылася сустрэча з вучнямі і педагогамі. Алена Вайцяхоўская паведаміла прысутным, што з 18 па 21 лютага 2021 года ў выставачным цэнтры “БелЭкспа” праходзіла XXVIII Мінская міжнародная кніжная выстава-кірмаш, на якой упершыню праводзіўся чэлендж “Homo sapiens = чалавек, які чытае”. Відэаролікі з запісамі выступлення вучняў з чатырох школ Беларусі, у тым ліку і Вілейскай гімназіі № 2, трансліраваліся ў межах чэленджу.

Прыемна адзначыць, што навыкі выразнага чытання нашых гімназістаў былі высока ацэнены кіраўніцтвам выдавецтва “Народная асвета” і наведвальнікамі выставы. Пра гэта сведчаць ліст падзякі дырэктара выдавецтва Вікторыі Калістратавай, дасланы ў гімназію, і дыпломы, якімі былі ўзнагароджаны падчас сустрэчы настаўнік беларускай мовы і літаратуры Віктар Кажура і яго вучаніцы Ангеліна Прохарава (5 клас) і Наталля Мядзведская (7 клас), настаўніца пачатковых класаў Любоў Сліжэўская, канцартмайстар Святлана Ляшкевіч і іх выхаванец Уладзіслаў Рыдкін (5 клас), намеснік дырэктара Мікалай Іваненка і ўдзельнікі студыі мастацкага чытання “Ветразь” Паліна Бародзіч, Яна Пляшак, Валерыя Паўлава і Герман Качаноўскі (10 клас). Дыпломам за актыўны ўдзел у мерапрыемствах XXVIII Міжнароднай кніжнай выставы-кірмашу ўзнагароджаны і калектыў Вілейскай гімназіі № 2.

Гімназістам і іх педагогам вельмі спадабалася прыемная інтэрактыўная сустрэча з Аленай Вайцяхоўскай і Ларысай Палішчук. Калектыў гімназіі ў сваю чаргу спадзяецца, што гасцям з “Народнай асветы” таксама спадабалася установа адукацыі і яе рэсурсны цэнтр па духоўна-маральным выхаванні, этнаграфічны куток, выставы дэкаратыўна-прыкладнога і выяўленчага мастацтва вучняў, работа прэс-цэнтра шматтыражнай газеты “Гімназічны праспект” (кіраўнік – настаўніца працоўнага навучання Наталля Гулецкая), метадычнае выданне “Lingua” (аўтар – настаўнік англійскай мовы Ігар Балыка).

Выказваем шчырую падзяку выдавецтву “Народная асвета” за цікавую сустрэчу, узнагароды і падарункі. Маем надзею на далейшае плённае супрацоўніцтва.

Таццяна Матусевіч,

намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце;

Віктар Кажура,

настаўнік беларускай мовы і літаратуры Вілейскай гімназіі № 2

IMG_8795IMG_8801

IMG_8804IMG_8805IMG_8806

IMG_8807IMG_8810IMG_8811

IMG_8813IMG_8815

IMG_8818IMG_8821