Даследчая дзейнасць вучняў гімназіі №2 пад кіраўніцтвам Віктара Кажуры прыносіць свой плён

01.02.2021
Беручыся за нейкую новую справу, чалавек перш-наперш адкрывае гэта новае для сябе. Пасля плады яго працы выкарыстоўваюцца іншымі лю­дзь­­мі. Абавязкова так, бо, як некалі сказаў класік, жыць у грамадстве і быць ад яго вольным нельга. Таму, як бы там ні было, усе нашы справы пэўным чынам ацэньваюцца грамадствам, выкарыстоўваюцца ў жыцці. Даследчая дзейнасць, якую на працягу многіх гадоў вядуць вучні гімназіі №2 пад кіраўніцтвам вядомага на Вілейшчыне і далёка за яе межамі педагога і паэта Віктара Кажуры, таксама прыносіць плён і юным даследчыкам, і іншым людзям. Нездарма ж і зборнік даследчыцкіх работ, выдадзены для настаўнікаў, носіць красамоўную назву «Сабе і людзям». Значыць, пішацца не пад сукно…

Пераважная большасць тэм, над якімі ўсе гэтыя гады працавалі гімназісты-даследчыкі пад кіраўніцтвам Віктара Кажуры – пра нашу малую радзіму – Вілейшчыну, яе багатую гісторыю і таленавітых людзей. Пятнаццаць гадоў назад была напісана першая даследчыцкая работа вучаніцы Бажэны Мацюк пад кіраўніцтвам Віктара Віктаравіча. «Што ні куточак, то галасочак» – такую назву насіла яна і была высока адзначана спачатку на раённым узроўні, а затым – і на абласным. Гэта быў пачатак вялікай і сур’ёзнай дзейнасці.

У 2013 годзе работы вучняў пад кіраўніцтвам Кажуры выйшлі і за межы Беларусі – пачалі ўдзельнічаць у конкурсе юнацкіх даследчых работ імя Вярнадскага ў Маскве, дзе былі высока ацэнены. У свой час работа Валерыі Кабак стала абсалютнай пераможцай у сваёй намінацыі, было нямала і дыпломаў пераможцаў. У бягучым годзе, дарэчы, таксама даслана работа на гэты конкурс. У канцы лютага будуць вядомы вынікі адбору, якія дадуць адказ на пытанне аб далейшым лёсе гэтай работы, аднак, падзяліўся Віктар Кажура, ёсць спадзяванні, што яе заўважаць і адзаначаць.

Чытаць далей (спасылка на сайт "ШЛЯХ ПЕРАМОГІ")